Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

XVII

Так прайшоў увесь вечар, і надышла ноч. Доктар пайшоў спаць. Цёткі таксама ляглі, Нехлюдаў ведаў, што Матруна Паўлаўна цяпер у спальні ў цётак, і Кацюша ў дзявочым пакоі — адна. Ён ізноў вышаў на ганак. На дварэ было цёмна, сыра, цёпла, і той белы туман, які ўвесну зганяе апошні снег або ўзнікае ад раставання апошняга снегу, напаўняў усё паветра. З ракі, якая была ў ста кроках пад кручаю перад домам, чутны былі дзіўныя гукі: гэта крышыўся лёд.

Нехлюдаў сышоў з ганка і, крочачы праз лужыны па абледзянелым снезе, падышоў да акна дзявочага пакоя. Сэрца яго білася ў грудзях так, што ён чуў яго; дыханне то спынялася, то вырывалася цяжкім подыхам. У дзявочым пакоі гарэла маленькая лямпа. Кацюша адна сядзела каля стала, задумаўшыся, і глядзела перад сабой. Нехлюдаў доўга, не зварухнуўшыся, глядзеў на яе, жадаючы ведаць, што яна будзе рабіць, думаючы, што ніхто не бачыць яе. Мінуты дзве яна сядзела нерухома, потым узняла вочы, усміхнулася, паківала нібы на саму сябе дакорліва галавой і, змяніўшы становішча, парыўчата паклала абедзве рукі на стол і ўтаропіла вочы перад сабой.

Ён стаяў і глядзеў на яе і міжвольна слухаў і стук свайго сэрца, і дзіўныя гукі, якія даносіліся з ракі. Там, на рацэ, у тумане, ішла нейкая безупынная, павольная работа, і то сапло нешта, то трэскала, то абсыпалася, то звінелі, як шкло, тонкія ільдзіны.

Ён стаяў, гледзячы на задумлівы твар Кацюшы, на якім, адбівалася балючая ўнутраная работа, і ён шкадаваў яе, але, дзіўная справа, гэта шкадаванне толькі ўзмацняла яго жаданне.

Жаданне ахапіла яго ўсяго.

Ён стукнуў у акно. Яна, нібы ад электрычнага ўдару, скаланулася ўсім целам, і жах з‘явіўся на яе твары. Потым ускочыла, падышла да акна, і прысунула свой твар да шкла. Выраз жаху не пакінуў яе твара і тады, калі, прыклаўшы абедзве далоні, як шоры, да вачэй, яна пазнала яго. Твар яе быў надзвычайна сур‘ёзным, — ён ніколі не бачыў