Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

яго такім. Яна ўсміхнулася, толькі калі ён усміхнуўся, усміхнулася, толькі нібы пакараючыся яму, але ў душы яе не было ўсмешкі, — быў страх. Ён махнуў ёй рукой, запрашаючы яе на двор да сябе. Але яна паківала галавой, што не, не выйдзе, і асталася стаяць ля акна. Ён наблізіў яшчэ раз твар да шыбы і хацеў крыкнуць ёй, каб яна вышла, але ў гэты час яна павярнулася да дзвярэй, — відаць яе паклікаў нехта. Нехлюдаў адышоў ад акна. Туман быў такі цяжкі, што, адышоўшы на пяць крокаў ад дома, ужо нельга было ўбачыць яго акон, а толькі чарнаватую масу, з якой свяціла чырвонае, здавалася вялізнае, святло ад лямпы. На рацэ ішло тое самае дзіўнае сапенне, шурханне, трэск і звон лёду. Недалёка з туману на дварэ пракрычаў адзін певень, адгукнуліся блізка іншыя, і здалёку з вёскі пачуліся галасы пеўняў, якія перабівалі адзін аднаго і зліваліся ў адзін крык. Усё-ж вакол, апрача ракі, было зусім ціха. Гэта былі ўжо другія пеўні.

Прайшоўшы разы два ўзад і ўперад за вуглом дома і трапіўшы некалькі разоў нагой у лужыну, Нехлюдаў зноў падышоў да акна дзявочага пакоя. Лямпа ўсё яшчэ гарэла, і Кацюша зноў сядзела адна каля стала, нібы была ў нерашучасці. Толькі ён падышоў да акна, яна зірнула ў яго. Ён стукнуў. І, не разглядваючы, хто стукнуў, яна адразу-ж выбегла з дзявочага пакоя, і ён чуў, як адліплі і потым рыпнулі выходныя дзверы. Ён чакаў яе ўжо каля сенцаў і адразу-ж моўчкі абняў яе. Яна прыціснулася да яго, падняла галаву і губамі сустрэла яго пацалунак. Яны стаялі за вуглом сенцаў на адталым сухім месцы, і ён увесь быў напоўнен балючым, незадаволеным жаданнем. Раптам зноў таксама чмокнулі і з тым самым рыпам рыпнулі выходныя дзверы, і пачуўся сярдзіты голас Матруны Паўлаўны.

— Кацюша!

Яна вырвалася ад яго і вярнулася ў дзявочы пакой. Ён чуў, як зашчапіўся кручок. Услед за гэтым усё заціхала, чырвонае вока ў акне знікла, астаўся адзін туман і шум на рацэ.

Нехлюдаў падышоў да акна, нікога не было відаць. Ён пастукаў, — ніхто не адказаў яму. Нехлюдаў вярнуўся ў дом з параднага ганку, але не заснуў. Ён зняў боты і босы