Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

пайшоў па калідоры да яе дзвярэй побач з пакоем Матруны Паўлаўны. Спачатку ён чуў, як спакойна храпела Матруна Паўлаўна, і ён хацеў ужо ўвайсці, як раптам яна пачала кашляць і павярнулася на рыпучым ложку. Ён замёр і прастаяў так мінут пяць. Калі зноў усё заціхла, і пачулася зноў спакойнае храпенне, ён, стараючыся ступаць на тыя палавіцы, якія не рыпелі, пайшоў далей і падышоў да самых яе дзвярэй. Усё было ціха. Яна, відаць, не спала, таму што яе дыханне не было чутна. Але як толькі ён прашаптаў: „Кацюша!“ — яна ўскочыла, падышла да дзвярэй і сярдзіта, як яму здалося, пачала прасіць яго адыйсці.

— Ну, што гэта вы? Ну, хіба можна? Пачуюць цёткі, — гаварылі яе вусны, а ўся істота казала: „я ўся твая“.

І гэта толькі разумеў Нехлюдаў.

— Ну, на мінутку адчыні. Упрашаю цябе, — гаварыў ён бессэнсоўныя словы.

Яна заціхла, потым ён пачуў шолах рукі, якая шукала кручок. Кручок шчоўкнуў, і ён увайшоў у адчыненыя дзверы.

Ён схапіў яе, як яна была ў грубай зрэбнай кашулі з голымі рукамі, падняў яе і панёс.

— Ах! што вы? — шаптала яна.

Але ён не звяртаў увагі на яе словы, несучы яе да сябе.

— Ах, не трэба, пусціце, — казала яна, а сама прыціскалася да яго.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Калі яна, дрыжачая і маўклівая, нічога не адказваючы на яго словы пайшла ад яго, ён вышаў на ганак і спыніўся, стараючыся ўцяміць значэнне ўсяго таго, што адбылося.

На дварэ было святлей; унізе на рацэ трэск і звон, і сапенне крыг яшчэ павялічылася, і да ранейшых гукаў дадалося яшчэ журчэнне. А туман пачаў асядаць уніз, і з-за сцяны туману выплыў шчарбаты месяц, панура асвятляючы нешта чорнае і страшнае.

„Што-ж гэта: вялікае шчасце або вялікае няшчасце здарылася са мной?“ пытаўся ён у сябе. „Заўсёды так, усё так“, сказаў ён сабе і пайшоў спаць.