Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

XVIII

Наступным днём бліскучы, вясёлы Шэнбок заехаў за Нехлюдавым да цётак і зусім зачараваў іх сваёй элегантнасцю, ветлівасцю, вясёласцю, шчодрасцю і любоўю да Дзмітрыя. Шчодрасць яго, хаця і вельмі спадабалася цётачкам, але нават здзівіла іх сваёй незвычайнасцю. Вандроўным сляпым жабракам ён даў рубель, на пачастункі людзям ён раздаў 15 рублёў, і калі Сюзетка, балонка Соф‘і Іванаўны, пры ім абадрала сабе ногу да крыві, дык ён, не думаўшы ні мінуткі, разарваў сваю батыставую з аблямоўкай хустку (Соф‘я Іванаўна ведала, што гэткія хусткі каштуюць не меней, як 15 рублёў за тузіну) і зрабіў з яе бінты для Сюзеткі. Цёткі не бачылі яшчэ такіх і не недалі, што ў гэтага Шэнбока было 200 тысяч доўгу, якія — ён ведаў — ніколі не заплаціць, і што таму на 25 рублёў меней або болей не мела для яго значэння.

Шэнбок прабыў толькі адзін дзень і наступнай ноччу паехаў разам з Нехлюдавым. Яны не маглі болей аставацца, бо ўжо быў апошні тэрмін для яўкі ў полк.

У душы Нехлюдава ў гэты апошні, праведзены ў цётак дзень, калі свежымі былі ўспаміны начы, узнімаліся і змагаліся паміж сабой два пачуцці: адно — пякучыя, адчувальныя ўспаміны звярынай любові, якая хаця далёка не дала таго, што яна абяцала, і некаторага самазадавальнення дасягнутай мэты; другое — разуменне таго, што ён зрабіў нешта вельмі благое, і што гэта благое трэба выправіць, і выправіць не для яе, а для сябе.

У тым становішчы вар‘яцкага эгаізма, у якім ён знаходзіўся, Нехлюдаў думаў толькі пра сябе — аб тым, ці асудзяць яго і наколькі, калі даведаюцца аб тым, які ўчынак ён зрабіў, а не аб тым, што яна адчувае і што з ёй будзе.

Ён думаў, як Шэнбок здагадваецца аб яго дачыненнях да Кацюшы, і гэта цешыла яго гонар.

— Вось чаму ты гэтак раптам палюбіў цётачак, — сказаў яму Шэнбок, убачыўшы Кацюшу, — што тыдзень жывеш у іх. Гэта і я на тваім месцы не паехаў-бы. Красуня!