Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

па каменных сходнях, прайшлі каля яшчэ больш смярдзючых і шумных, чым жаночыя, камер мужчын, адкуль іх усюды праводзілі вочы ў дзверных аконцах, і ўвайшлі ў кантору, дзе ўжо стаялі два канвойныя салдаты са стрэльбамі. Пісар, які там сядзеў, даў аднаму з салдатаў працятую дымам тытуну паперу і, паказаўшы на арыштантку, сказаў: „прымай“. Салдаты — ніжагародскі мужык з чырвоным васпаватым тварам — паклаў паперы за абшлаг рукава шынелі і, усміхаючыся, падміргнуў таварышу, шырокаскуламу чувашу, на арыштантку. Салдаты з арыштанткай сышлі са сходак і пайшлі да галоўнага выхаду.

У дзвярах галоўнага выхаду адчынілася фортка, і, пераступіўшы праз парог форткі на двор, салдаты з арыштанткай вышлі з агарожы і пайшлі горадам пасярэдзіне брукаваных вуліц.

Рамізнікі, гандляры, кухаркі, рабочыя, чыноўнікі спыняліся і з цікаўнасцю аглядалі арыштантку; некаторыя ківалі галовамі і думалі: „вось да чаго даводзяць дрэнныя, не гэткія, як нашы, паводзіны“. Дзеці з жахам пазіралі на разбойніцу, заспакойваючыся толькі тым, што за ёй ідуць салдаты, і яна цяпер нічога ўжо не зробіць. Адзін вясковы мужык, прадаўшы вугаль і, напіўшыся чаю ў тракціры, падышоў да яе, перахрысціўся і даў ёй капейку.

Арыштантка пачырванела, схіліла галаву і нешта прагаварыла.

Адчуваючы накіраваныя на сябе погляды, яна непрыкметна, не паварочваючы галавы, косілася на тых, хто глядзеў на яе, і гэта звернутая на яе ўвага весяліла яе. Весяліла яе таксама чыстае, параўнаўча з турмой, веснавое паветра, але балюча было ступаць па каменнях адвыкшымі ад хадзьбы і абутымі ў нязграбныя арыштанцкія коты нагамі, і яна глядзела сабе пад ногі і намагалася крочыць як можна лягчэй. Праходзячы каля мучной крамы, перад якой хадзілі, перакачваючыся, галубы, каторых ніхто не крыўдзіў, арыштантка ледзь не зачапіла нагой аднаго шызага; голуб узляцеў і, трапыхаючы крыллямі, праляцеў паўз самае вуха арыштанткі, абдаўшы яе ветрам. Яна ўсміхнулася, а потым цяжка ўздыхнула, успомніўшы сваё становішча.