Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

А для гэтага быў адзін сродак: не думаць аб гэтым. Гэтак ён і зрабіў.

Тое жыццё, у якое ён уступаў, — новыя месцы, таварышы, вайна, — дапамаглі гэтаму. І чым больш ён жыў, тым больш забываў і пад канец сапраўды зусім забыў.

Толькі аднойчы, калі пасля вайны, з надзеяй убачыць яе, ён заехаў да цётак і ўбачыў, што Кацюшы ўжо не было, што яна неўзабаве, — пасля яго праезду пайшла ад іх, каб радзіць, што недзе радзіла і, як чулі цёткі, зусім сапсавалася, — у яго сціснулася сэрца. Судзячы па часу, дзіцёнак, якога яна нарадзіла, мог быць яго дзіцёнкам, але мог быць і не яго. Цёткі гаварылі, што яна сапсавалася і была распусная натура, як і яе маці. І гэта меркаванне цётак было для яго прыемным, таму што нібы апраўдвала яго. Спачатку ён усё-ж хацеў адшукаць яе і дзіцёнка, але потым, іменна таму, што ў глыбіні душы яму было надта балюча і сорамна думаць пра гэта, ён не зрабіў патрэбных намаганняў для гэтых пошукаў і яшчэ больш забыўся на свой грэх і пакінуў думаць пра яго.

Але вось цяпер гэтае дзіўнае здарэнне нагадала яму ўсё і патрабавала ад яго прызнання сваёй бязлітаснасці, жорсткасці, подласці, якія далі яму магчымасць спакойна жыць гэтыя дзесяць год з гэткім грахом на душы. Але ён яшчэ далёка быў ад гэтага прызнання і цяпер думаў толькі пра тое, каб зараз не даведаліся ўсе пра ўсё, і яна або яе абаронца не расказалі ўсяго і не асаромілі яго перад усімі.


XIX

Такі душэўны настрой быў у Нехлюдава, калі ён вышаў з судовай залы ў пакой прысяжных. Ён сядзеў каля акна, слухаў размовы вакол сябе і безупынна курыў.

Вясёлы купец, відаць, спачуваў усёй душой таму, як праводзіў час купец Смелькоў.

— Ну, браце, здорава гуляў, па-сібірску. Ласы хлапец, якую дзяўчыну падчапіў.

Старшыня выказваў нейкія меркаванні, што ўся справа ў экспертызе. Пётр Герасімавіч нешта жартаваў з прыказ-