Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

чыкам-яўрэем, і яны нечага зарагаталі. Нехлюдаў коратка адказваў тым, хто звяртаўся да яго з запытаннямі, і жадаў толькі аднаго, каб пакінулі яго ў спакоі.

Калі судовы прыстаў, ідучы бачком, запрасіў зноў прысяжных у залу паседжання, Нехлюдаў адчуў страх, нібы не ён ішоў судзіць, але яго вялі ў суд. У глыбіні душы ён адчуваў ужо, што ён нягоднік, якому павінна быць сорамна глядзець у вочы людзям, а тым часам ён, па звычцы, са звычайнымі, самаўпэўненымі рухамі, увайшоў на ўзвышэнне і сеў на сваё месца, другім пасля старшыні, заклаўшы нага на нагу і гуляючы pince-nez.

Падсудных таксама кудысьці выводзілі і толькі што прывялі зноў.

У зале былі новыя асобы — сведкі, і Нехлюдаў заўважыў, што Маслава некалькі разоў пазірала, нібы не магла адвесці погляду ад вельмі прыбранай, у шаўку і аксаміце, тоўстай жанчыны, якая, у высокім капелюшы з вялікім бантам і з элегантным рэдыкулем на голай да локця руцэ, сядзела ў першым радзе перад кратамі. Гэта, як ён потым даведаўся, была сведка, гаспадыня таго публічнага дома, у якім жыла Маслава.

Пачаўся допыт сведкаў: імя, вера і т. д. Потым, пасля допыту бакоў, як яны хочуць запытваць: пад прысягай або не, зноў, ледзьве перасоўваючы ногі, прышоў той самы стары свяшчэннік і зноў гэтак-жа, папраўляючы залаты крыж на шаўковых грудзях, з гэткім самым спакоем і ўпэўненасцю ў тым, што ён робіць вельмі карысную і значную справу, прывёў да прысягі сведак і эксперта. Калі скончылася прысяга, усіх сведак адвялі, пакінуўшы адну, менавіта Кітаеву, гаспадыню публічнага дома. Яе запыталі аб тым, што яна ведае па гэтай справе. Кітаева з падробленай усмешкай, ківаючы галавой у капелюшы пры кожным сказе, з нямецкім акцэнтам, падрабязна і складна расказала:

Раней за ўсё да яе ў завядзенне прыехаў знаёмы калідорны Сімон за дзяўчынай для багатага сібірскага купца. Яна паслала Любашу. Праз некаторы час Любаша вярнулася разам з купцом.