Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

XX

Але, як на зло яму, справа цягнулася доўга: пасля допыту па адным сведак і эксперта і пасля ўсіх непатрэбных запытанняў ад таварыша пракурора і адвакатаў, якія звычайна рабіліся з сур‘ёзным выглядам, старшыня прапанаваў прысяжным агледзець рэчавыя доказы, якія складаліся з велізарных памераў пярсцёнка з разеткай з дыяментаў, — відаць яго адзявалі на таўсценны паказальны палец, і фільтра, у якім была даследавана атрута. Рэчы гэтыя былі запячатаны, і на іх былі ярлычкі.

Прысяжныя ўжо рыхтаваліся глядзець гэтыя рэчы, калі таварыш пракурора зноў прыўстаў і патрабаваў, раней чым разглядваць рэчавыя доказы, прачытаць урачэбнае даследаванне трупа.

Старшыня, які гнаў справу як мага хутчэй, каб паспець да сваёй швейцаркі, хаця і ведаў вельмі добра, што прачытанне гэтай паперкі не можа мець ніякага іншага выніку, як толькі нудоту і адцягванне абедзенага часу, і што таварыш пракурора патрабуе гэтага чытання толькі таму, што ён ведае, што мае права патрабаваць гэтага, усё-ж не мог адмовіць і згадзіўся. Сакратар дастаў паперу і зноў сваім картавым на літары л і р панурым голасам пачаў чытаць:

З вонкавага агляду высветлілася, што:

1) Рост Ферапонта Смелькова — 2 арш. 12 вярш.

— Аднак дзяцюк здаравенны, — заклапочана прашаптаў купец на вуха Нехлюдаву.

2) Узрост з вонкавага выгляду вызначан прыблізна каля сарака.

3) Труп меў раздзьмуты выгляд.

4) Колер скуры скрозь зеленаваты, абсыпаны мясцінамі чорнымі плямамі.

5) Скура на паверхні ўзнялася пузырамі розных памераў, а мясцінамі аблезла і вісіць у выглядзе вялікіх шкуматоў.

6) Валасы цёмнарусыя, густыя, і пры датыканні лёгка адстаюць ад скуры.

7) Вочы вышлі з арбіт, і рагавая абалонка памутнела.