Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

Старшыня пры пачатку гэтага чытання нахіліўся да аднаго з членаў і пашаптаў нешта, потым да другога і, атрымаўшы станоўчы адказ, спыніў чытанне на гэтым месцы.

— Суд прызнае залішнім чытанне акта, — сказаў ён.

Сакратар замаўчаў, збіраючы паперы; раззлаваны таварыш пракурора пачаў запісваць нешта.

— Паны прысяжныя засядацелі могуць агледзець рэчавыя доказы, — сказаў старшыня.

Старшыня і некаторыя з прысяжных прыўзняліся і замяшаліся, не ведаючы, які рух ці становішча павінны надаць сваім рукам, падышлі да стала і па чарзе падзівіліся на пярсцёнак, шклянку і фільтр. Купец нават памераў на свой палец пярсцёнак.

— Ну, і палец быў, — сказаў ён, вярнуўшыся на сваё месца. — Як гурок добры, — дадаў ён, відаць пацяшаючыся тым уяўленнем, як аб асілку, якое ён склаў сабе аб атручаным купцы.


XXI

Калі скончыўся агляд рэчавых доказаў, старшыня абвясціў судовае следства скончаным і без перапынку, жадаючы хутчэй скончыць справу, даў слова абвінаваўцу, спадзяючыся, што ён таксама чалавек і таксама хоча курыць і абедаць, і што ён пашкадуе іх. Але таварыш пракурора не пашкадаваў ні сябе, ні іх. Таварыш пракурора быў ад прыроды вялікім дурнем; але звыш таго меў няшчасце скончыць курс у гімназіі з залатым медалём і ў універсітэце атрымаць узнагароду за сваю працу аб сервітутах па рымскім праве, і таму быў вельмі самаўпэўненым, задаволеным сабой (гэтаму яшчэ спрыяў яго поспех у дам), і з гэтай прычыны быў надзвычайным дурнем. Калі яму далі слова, ён, не спяшаючыся, устаў, паказаўшы ўсю сваю грацыёзную постаць у шытым мундзіры, і, паклаўшы абедзве рукі на канторку, крыху схіліўшы галаву, агледзеў залу, унікаючы поглядам падсудных, і пачаў:

— Справа, што падлягае вашаму разгляду, панове прысяжныя засядацелі, — пачаў ён сваю падрыхтаваную ў