Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

часе чытання пратакола і акта прамову, — характэрнае, калі можна так сказаць, злачынства.

Прамова таварыша пракурора, як ён думаў, павінна была мець грамадскае значэнне, падобна да тых славутых прамоў, якія гаварылі праслаўленыя адвакаты. Праўда, лік гледачоў складаўся толькі з трох жанчын: швачкі, кухаркі і Сімонавай сястры і аднаго кучара, але гэта нічога не азначала. І тыя праслаўленыя гэтак сама пачыналі. Правіла-ж таварыша пракурора было ў тым, каб быць заўсёды на вышыні свайго становішча, гэта значыць пранікаць у глыбіню псіхалагічнага значэння злачынства і агаляць язвы грамадства.

— Вы бачыце перад сабой, панове прысяжныя засядацелі, характэрнае, калі можна так сказаць, злачынства канца стагоддзя, якое носіць на сабе, так сказаць, спецыфічныя рысы той сумнай з‘явы распаду, пад які падупадаюць у наш час тыя элементы нашага грамадства, якія знаходзяцца пад асабліва, так сказаць, пякучымі праменнямі гэтага працэса…

Таварыш пракурора гаварыў вельмі доўга, з аднаго боку, намагаючыся прыпомніць усе тыя разумныя рэчы, якія ён прыдумаў, з другога боку, галоўнае, ні на хвіліну не спыніцца, а зрабіць гэтак, каб прамова яго лілася, не спыняючыся, на працягу гадзіны з чвэрткай. Толькі раз ён спыніўся і даволі доўга глынаў сліну, але адразу-ж выправіўся і нагнаў гэту правалоку ўзмоцненым красамоўствам. Ён гаварыў то пяшчотным, ліслівым голасам, пераступаючы з нагі на нагу, гледзячы на прысяжных, то ціхім сур‘ёзным тонам, пазіраючы ў свой сшытак, то зычным абвінаваўчым голасам, звяртаючыся то да гледачоў, то да прысяжных. Толькі на падсудных, якія ўсе трое ўтаропіліся на яго вачыма, ён ні аднаго разу не зірнуў. У яго прамове было ўсё самае апошняе, што было тады модным у яго колах і што прымалася тады і прымаецца яшчэ цяпер за апошняе слова навуковай мудрасці. Тут была і спадчыннасць, і прыроджаная злачыннасць, і Ламбразо, і Тард, і эвалюцыя, і барацьба за існаванне, і гіпнатызм, і ўнушэнне, і Шарко, і дэкадэнства.