Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы што? — запытаў купец, які сядзеў побач з Нехлюдавым, пачуўшы дзіўны гук, каторы раптам вырваўся ў Нехлюдава. Гук гэты быў спыненае рыданне.

Нехлюдаў усё яшчэ не разумеў усяго значэння свайго цяперашняга становішча і прыпісаў слабасці сваіх нерваў ледзьве ўтрыманае рыданне і слёзы, што навярнуліся яму на вочы. Ён адзеў pince-nez, каб іх не ўбачылі, потым дастаў хустку і пачаў смаркацца.

Страх перад ганьбаю, якою-б ён пакрыў сябе, калі-б усе тут, у судовай зале, даведаліся пра яго ўчынак, заглушаў унутраную работу, што кіпела ў ім. Страх гэты ў першы час быў мацней за ўсё.


XXII

Пасля апошняга слова абвінавачаных і даволі доўгіх перамоў бакоў аб форме пастаноўкі запытанняў, запытанні былі пастаўлены, і старшыня пачаў свае рэзюме.

Перш чым выкласці справу, ён вельмі доўга тлумачыў прысяжным, з прыемнай інтымнай інтанацыяй, тое, што рабунак ёсць рабунак, а пакража ёсць пакража, і што крадзёж з замкнутага месца ёсць крадзёж з замкнутага месца, а крадзёж з незамкнутага месца ёсць крадзёж з незамкнутага месца. І, тлумачачы гэта, ён асабліва часта пазіраў на Нехлюдава, нібы асабліва жадаючы, каб ён уцяміў гэтую значную акалічнасць з надзеяй, што ён, зразумеўшы яе, растлумачыць гэта і сваім таварышам. Потым, калі ён падумаў, што прысяжныя дастаткова зразумелі гэтыя ісціны, ён пачаў развіваць іншую ісціну аб тым, што забойствам называецца гэткае дзеянне, ад якога чалавек памірае, што атручанне таму таксама ёсць забойства. Калі-ж і гэту ісціну, як яму здалося, таксама зразумелі прысяжныя, ён растлумачыў ім тое, што калі зладзейства і забойства зроблены разам, дык тады злачынства складаецца са зладзейства і забойства.

Не гледзячы на тое, што яму самому хацелася хутчэй скончыць, і швейцарка ўжо чакала яго, ён гэтак прывык да свайго занятку, што, пачаўшы гаварыць, ніяк ужо не