Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

жорсткасць, подласць, нікчэмнасць не толькі гэтага свайго ўчынку, але ўсяго свайго гультайскага, распуснага, жорсткага і самаздаволенага жыцця, і тая страшная заслона, якая нейкім цудам увесь гэты час, усе гэтыя 12 год засланяла ад яго і гэта яго злачынства і ўсё яго наступнае жыццё, ужо вагалася, і ён урыўкамі пазіраў ужо за яе.


XXIII

Урэшце старшыня скончыў сваю прамову і, грацыёзным рухам падняўшы пытальны аркуш, перадаў яго прысяжнаму старшыню, які падышоў да яго. Прысяжныя ўсталі, радуючыся таму, што можна ісці і, не ведаючы, што рабіць са сваімі рукамі, нібы саромячыся чагосьці, адзін за адным пайшлі ў дарадчы пакой. Толькі што зачыніліся за імі дзверы, жандар падышоў да гэтых дзвярэй і, выхапіўшы шаблю з ножнаў і паклаўшы яе на плячо, стаў каля дзвярэй. Суддзі падняліся і пайшлі. Падсудных таксама вывелі.

Увайшоўшы ў дарадчы пакой, прысяжныя, як і раней, перш за ўсё дасталі папяросы і пачалі курыць. Ненатуральнасць і фальш іхняга становішча, якія яны ў большай ці меншай ступені адчувалі, седзячы ў зале на сваіх месцах, прайшла, як толькі яны ўвайшлі ў дарадчы пакой і закурылі папяросы, і яны з аблягчэннем размясціліся ў дарадчым пакоі, і адразу-ж пачалася ажыўленая размова.

— Дзяўчынка не вінавата, заблыталася, — сказаў добрадушны купец, — трэба прабачыць.

— Вось гэта і абмяркуем, — сказаў старшыня. — Мы не павінны падупадаць пад нашы асабовыя ўражанні.

— Добрае рэзюме сказаў судовы старшыня, — заўважыў палкоўнік.

— Ну, добрае! Я ледзь не заснуў.

— Галоўная справа ў тым, што прыслуга не магла ведаць пра грошы, каб Маслава не была з імі ў згодзе, — сказаў прыказчык яўрэйскага тыпу.

— Дык што-ж, па-вашаму, яна ўкрала? — запытаў адзін з прысяжных.