Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

шчыка дадалі: „але заслугоўвае змякчэння віны“. Пытанне-ж аб Маславай выклікала ўпартыя спрэчкі. Старшыня настойваў на тым, што яна вінавата і ў атручэнні і ў рабунку, купец не згаджаўся і з ім разам палкоўнік, прыказчык і арцельшчык, — астатнія нібы хісталіся, але думка старшыні пачала перамагаць, асабліва таму, што ўсе прысяжныя стаміліся і больш ахвотна далучаліся да той думкі, якая абяцала хутчэй злучыць, а таму і вызваліць усіх.

З усяго таго, што адбывалася на судовым следстве, і з таго, як ведаў Нехлюдаў Маславу, ён быў пераконан, што яна не вінавата ні ў пакражы, ні ў атручэнні, і спачатку быў упэўнен, што ўсе прызнаюць гэта; але калі ён убачыў, што ў выніку недарэчнай абароны купца, відаць абгрунтаванай тым, што Маслава фізічна падабалася яму, чаго ён і не скрываў, і з прычыны адпору, менавіта на гэтай падставе, старшыні і, галоўнае, з прычыны стомленасці ўсіх, вырашэнне пачало схіляцца да абвінавачвання, ён хацеў выказацца супроць, але яму страшна было гаварыць за Маславу, — яму здавалася, што ўсе зараз даведаюцца пра яго адносіны да яе. А тым часам ён адчуваў, што не можа пакінуць справу так, і павінен супярэчыць. Ён чырванеў і бляднеў, і толькі хацеў пачаць гаварыць, як Пётр Герасімавіч, дагэтуль маўклівы, відаць узрушаны аўтарытэтным тонам старшыні, раптам пачаў супярэчыць яму і гаварыць тое самае, што хацеў сказаць Нехлюдаў.

— Дазвольце, — сказаў ён, — вы кажаце, што яна ўкрала таму, што ў яе ключ быў. Дык хіба не маглі калідорныя пасля яе адамкнуць чамадан падабраным ключам?

— Але, але, — падтрымаў купец.

— Яна-ж не магла ўзяць грошай, бо ёй у яе становішчы некуды дзець іх.

— Вось і я кажу, — пацвердзіў купец.

— А хутчэй за ўсё яе прыезд даў думку калідорным, і яны скарысталі выпадак, а потым усё звалілі на яе.

Пётр Герасімавіч гаварыў узбуджана. І ўзбуджанасць яго перадалася старшыню, які з прычыны гэтага асабліва ўпарта пачаў адстойваць свой процілеглы погляд, але Пётр Герасімавіч гаварыў гэтак пераканаўча, што большасць