Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

згадзілася з ім, прызнаўшы, што Маслава не ўдзельнічала ў пакражы грошай і пярсцёнка, што пярсцёнак ёй падаравалі. Калі-ж пачалі гаварыць пра яе ўдзел у атручэнні, дык зноў гарачы заступнік яе, купец, сказаў, што трэба яе прызнаць невінаватай, бо яна не мела прычыны атручваць яго. Старшыня-ж сказаў, што нельга прызнаць яе невінаватай, бо яна сама прызналася, што дала парашок.

— Дала, але думала, што гэта опіум, — сказаў купец.

— Яна і опіумам магла пазбавіць жыцця, — сказаў палкоўнік, які любіць паглыбляцца ў адступленні, і пачаў пры гэтым выпадку расказваць аб тым, што ў яго швагра жонка атруцілася опіумам і памерла-б, калі-б не блізкасць доктара і своечасова ўжытыя захады. Палкоўнік расказваў гэтак паважна, самаўпэўнена і з гэткім гонарам, што ні ў каго нехапіла смеласці перапыніць яго. Толькі прыказчык, заразіўшыся прыкладам, парашыў перапыніць яго, каб расказаць сваю гісторыю.

— Гэтак прызвычайваюцца іншыя, — пачаў ён, — што могуць па сорак кропель прымаць; у мяне сваяк…

Але палкоўнік не даў перапыніць сябе і расказваў далей, як уплываў опіум на жонку яго швагра.

— Але ўжо пятая гадзіна, панове, — сказаў адзін з прысяжных.

— Дык як-жа, панове, — звярнуўся да ўсіх старшыня, — прызнаем вінаватай без намеру абрабаваць і маёмасці не крала. Так хіба?

Пётр Герасімавіч, задаволены сваёй перамогай, згадзіўся.

— Але заслугоўвае змякчэння віны, — дадаў купец.

Усе згадзіліся. Толькі арцельшчык настойваў на тым, каб сказаць: „не, не вінавата“.

— Ды яно-ж так і выходзіць, — растлумачыў старшыня, — без намеру абрабаваць, і маёмасці не крала. Значыць, і не вінавата.

— Дуй гэтак, і заслугоўвае змякчэння віны: значыць, астаецца апошняе ачысціць, — весела вымавіў купец.

Усе так стаміліся, так заблыталіся ў спрэчках, што ніхто не здагадаўся дадаць да адказу: „так, але без намеру пазбавіць жыцця“.