Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

пакоі, чысціла крэйдаю абразы, смажыла, малола, падавала каву, мыла бялізну і часам сядзела з паненкамі і чытала ім.

Да яе сваталіся, але яна ні за каго не хацела ісці, адчуваючы, што жыццё яе з тымі працоўнымі людзьмі, якія сваталіся да яе, будзе цяжкім для яе, збалаванай салодкім панскім жыццём.

Так жыла яна да 16-ці год. Калі-ж ёй пайшоў семнаццаты, да яе паненак прыехаў іхні пляменнік-студэнт, багаты князь, і Кацюша, не асмельваючыся ні яму, ні нават сабе прызнацца ў гэтым, закахалася ў яго. Потым праз два гады гэты самы пляменнік па дарозе на вайну заехаў да цётак, прабыў у іх чатыры дні і напярэдадні свайго ад‘езду спакусіў Кацюшу і, сунуўшы ёй у апошні дзень сторублёвую паперку, паехаў. Праз пяць месяцаў пасля яго ад‘езду яна даведалася дакладна, што яна цяжарная.

З таго часу ёй усё абрыдла, і яна толькі думала аб тым, каб ёй збавіцца ад таго сораму, які чакаў яе, і яна пачала не толькі неахвотна і дрэнна служыць паненкам, але, сама не ведала, як гэта здарылася, — раптам яе прарвала: яна нагрубіла паненкам, у чым сама потым каялася, і папрасіла разліку.

І паненкі, вельмі нездаволеныя ёю, адпусцілі яе. Ад іх яна паступіла пакаёўкаю да станавога, але здолела там пражыць толькі тры месяцы, таму што станавы, пяцідзесяцігадовы стары, пачаў прыставаць да яе, і аднойчы, калі ён быў асабліва настойлівым, яна ўскіпела, вылаяла яго дурнем і старым чортам і гэтак штурханула яго ў грудзі, што ён паваліўся. Яе прагналі за грубіянства. Паступаць на месца было ні к чаму, неўзабаве трэба было радзіць, і яна перайшла да вясковай удавы-павітухі, якая гандлявала віном. Радзіла яна лёгка. Але павітуха, якая прымала на вёсцы ў хворай жанчыны, заразіла Кацюшу радзільнай гарачкай, і дзіцёнка, хлопчыка, накіравалі ў выхавальны дом, дзе дзіцёнак, як расказвала бабулька, што адвозіла яго, адразу пасля прыезду памёр.

Усіх грошай у Кацюшы, калі яна перайшла да павітухі, было 127 рублёў: 27 — нажытых і 100 рублёў, якія даў ёй яе спакуснік. Калі-ж яна вышла ад яе, у яе асталося ўсяго