Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

Нехлюдаў так усхваляваўся, што і ён не заўважыў гэтага. У гэткім выглядзе адказы і былі запісаны і ўнесены ў судовую залу.

Раблэ піша, што юрыст, да якога прышлі судзіцца, пасля ўказання на розныя законы і прачытання дваццаці старонак юрыдычнай бессэнсоўнай латыні, прапанаваў тым, хто судзіцца, кінуць косці: цот або няцот. Калі цот, дык праўда істца, калі няцот, дык праўда адказчыка.

Гэтак было і тут. Тое, а не другое вырашэнне прынята было не таму, што ўсе згадзіліся, а, па-першае, таму, што судовы старшыня, які гаварыў гэтак доўга сваё рэзюме, на гэты раз забыў сказаць тое, што ён заўсёды гаварыў, а менавіта тое, што, адказваючы на пытанне, яны могуць. сказаць: так, — вінавата, але без намеру пазбавіць жыцця; па-другое, таму, што палкоўнік вельмі доўга і марудна расказваў гісторыю жонкі свайго швагра; па-трэцяе, таму, што Нехлюдаў быў гэтак усхваляваны, што не заўважыў упушчэння агаворкі аб адсутнасці намеру пазбавіць жыцця і думаў, што агаворка: „без намеру абрабаваць“ знішчае абвінавачванне; па-чацвертае, таму, што Пётр Герасімавіч не быў у пакоі, ён выходзіў у той час, як старшыня пералічыў пытанні і адказы, і, галоўнае, таму, што ўсе стаміліся і ўсім хацелася хутчэй вызваліцца і таму згадзіцца з тым рашэннем, пры якім усё хутчэй канчаецца.

Прысяжныя пазванілі. Жандар, што стаяў з выцягненай шабляй каля дзвярэй, уклаў шаблю ў ножны і падаўся ўбок. Суддзі паселі на месцы і адзін за другім вышлі прысяжныя.

Старшыня з урачыстым выглядам нёс ліст. Ён падышоў да судовага старшыні і падаў яго. Старшыня прачытаў і, відаць, здзіўлены, развёў рукамі і звярнуўся да таварышоў, раячыся. Старшыня быў здзіўлены тым, што прысяжныя, агаварыўшы першую ўмову: „без намеру абрабаваць“, не агаварылі другую: „без намеру пазбавіць жыцця“. Выходзіла з рашэння прысяжных, што Маслава не крала, не рабавала, а разам з тым атруціла чалавека без усякай пэўнай мэты.

— Паглядзіце, якую яны бяссэнсіцу пастанавілі, — сказаў ён члену налева. — Гэта-ж катаржныя работы, а яна не вінавата.