Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/91

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, як не вінавата, — сказаў суровы член.

— Так проста не вінавата. Я думаю, што да гэтага выпадку служыць прымяненнем 818 артыкул. (818 артыкул гаворыць аб тым, што калі суд знойдзе абвінавачванне несправядлівым, дык ён можа адмяніць рашэнне прысяжных.)

— Як вы думаеце? — звярнуўся старшыня да добрага члена.

Добры член не адразу адказаў, ён зірнуў на нумар паперы, якая ляжала перад ім, і склаў лічбы, — не ўдалося на тры. Ён загадаў, што калі падзеліцца, дык ён згодзіцца, але, не гледзячы на тое, што не дзялілася, ён па дабраце сваёй згадзіўся.

— Я думаю таксама, што варта было-б, — сказаў ён.

— А вы? — звярнуўся старшыня да сярдзітага члена.

— Ні ў якім разе, — адказаў ён рашуча. — І так газеты гавораць, што прысяжныя апраўдваюць злачынцаў; што-ж будуць гаварыць, калі суд апраўдае. Я не згодзен ні ў якім разе.

Старшыня паглядзеў на гадзіннік.

— Шкада, але што-ж зробіш, — і падаў пытанні старшыню для прачытання.

Усе ўсталі, і старшыня, пераступаючы з нагі на нагу, адкашляўся і прачытаў пытанні і адказы. Усе судовыя: сакратар, адвакаты, нават пракурор здзівіліся.

Падсудныя сядзелі спакойна, відаць не разумеючы значэння адказаў. Зноў усе селі, і судовы старшыня запытаў пракурора: якія пакаранні, па яго думцы, належаць падсудным.

Пракурор, узрадаваны нечаканым поспехам у дачыненні да Маславай, прыпісваючы гэты поспех свайму красамоўству, навёў недзе даведкі, прыўстаў і сказаў:

— Сімон Карцінкін, думаю, належыць пакаранню на падставе артыкула 1452-га і 4 п. 1453-га, Еўфімію Бачкову на падставе артыкула 1659-га і Кацярыну Маславу на падставе артыкула 1454-га.

Усе пакаранні гэтыя былі самыя суровыя, якія толькі можна было даць.

— Суд ідзе для пастановы рашэння, — сказаў старшыня, устаючы.