Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

Усе падняліся за ім і з лёгкім і прыемным адчуваннем зробленай добрай справы пачалі выходзіць або рухацца па зале.

— А мы-ж, дарагі, бяссорамна нахлусілі, — сказаў Пётр Герасімавіч, падышоўшы да Нехлюдава, якому старшыня расказваў нешта. — Мы-ж яе ў катаргу закаталі.

— Што вы кажаце? — ускрыкнуў Нехлюдаў, на гэты раз не заўважаючы зусім непрыемнай фамільярнасці настаўніка.

— Дык як-жа, — сказаў ён. — Мы не паставілі ў адказе: „вінавата, але без намеру пазбавіць жыцця“. Мне зараз сакратар казаў, — пракурор падводзіць яе пад 15 год катаргі.

— Але-ж гэтак вырашылі, — сказаў старшыня.

Пётр Герасімавіч пачаў спрачацца, гаворачы, што само сабой мелася на ўвазе, што раз яна не брала грошай, дык і не магла мець намеру пазбавіць жыцця.

— Але-ж я прачытаў адказы перад тым, як выходзіць, — апраўдваўся старшыня. — Ніхто не супярэчыў.

— Я ў гэты момант выходзіў з пакоя, — сказаў Пётр Герасімавіч. — А вось як вы праваронілі?

— Я ніяк не думаў, — сказаў Нехлюдаў.

— Вось і не думалі.

— Але гэта можна выправіць, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, не, цяпер скончана.

Нехлюдаў паглядзеў на падсудных. Яны тыя самыя, чый лёс вырашан, усё гэтак нерухома сядзелі за сваёй рашоткай перад салдатамі. Маслава ўсміхалася нечаму. І ў душы Нехлюдава варухнулася нядобрая думка. Перад гэтым, прадбачыўшы, што яе апраўдаюць і пакінуць у горадзе, ён быў у нерашучасці, як ставіцца да яе; і адносіны да яе былі цяжкімі. Катарга-ж і Сібір адразу-ж знішчалі магчымасць усякіх адносін да яе: недабітая птушка перастала-б трапятаць у ягдташы і напамінаць пра сябе.


XXIV

Меркаванні Пятра Герасімавіча былі справядлівы. Вярнуўшыся з дарадчага пакоя, старшыня ўзяў паперу і прачытаў: