Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

ючыся. Прапусціўшы яе, ён хутка вярнуўся назад, каб убачыць старшыню, але старшыня пайшоў ужо.

Нехлюдаў дагнаў яго толькі ў швейцарскай.

— Пане старшыня, — сказаў Нехлюдаў, падыходзячы да яго ў тую мінуту, калі той ужо адзеў светлае паліто і браў кій з срэбным набалдашнікам, які падаваў швейцар, — ці магу я пагаварыць з вамі пра справу, што зараз вырашылася? — Я — прысяжны.

— Ну, як-жа, князь Нехлюдаў? Вельмі прыемна, мы ўжо сустракаліся, — сказаў старшыня, паціскаючы руку і са здавальненнем успамінаючы, як добра і весела ён танцаваў — лепш за ўсіх маладых — у той вечар, калі сустрэўся з Нехлюдавым. — Чым магу служыць?

— Атрымалася непаразуменне ў адказе адносна Маславай. Яна не вінавата ў атручэнні, а тым часам яе засудзілі на катаргу, — з вельмі уважлівым панурым выглядам сказаў Нехлюдаў.

— Суд вынес пастанову на падставе адказаў, дадзеных вамі-ж, — сказаў старшыня, пасоўваючыся да выходных дзвярэй, — хаця адказы і суду здаліся неадпаведнымі справе.

Ён успомніў, што хацеў растлумачыць прысяжным тое, што іхні адказ: „так — вінавата“, без адмаўлення намеру забойства, сцвярджае забойства з намерам, але, спяшаючыся скончыць, не зрабіў гэтага.

— Так, але хіба нельга выправіць памылку?

— Прычына для касацыі заўсёды знойдзецца. Трэба звярнуцца да адвакатаў, — сказаў старшыня, крыху на бок надзяючы капялюш і рушачы да выхаду.

— Але-ж гэта жахліва.

— Вось бачыце, Маславу чакала адно з двух, — відаць жадаючы быць як мага больш прыемным і пачцівым з Нехлюдавым, сказаў старшыня, расправіўшы бакенбарды паверх каўняра паліто, і, узяўшы яго злёгку пад локаць і накіроўваючы да выходных дзвярэй, ён працягваў: — вы-ж таксама ідзеце?

— Але, — сказаў Нехлюдаў, спешна апранаючыся, і пайшоў з ім.