Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

— Хаця я і стаміўся… але калі нядоўга, дык скажыце мне вашу справу, — хадзем сюды.

І Фанарын прывёў Нехлюдава ў нейкі пакой, напэўна, габінет якога-небудзь суддзі. Яны селі каля стала.

— Ну-с, у чым справа?

— Раней за ўсё я буду вас прасіць, — сказаў Нехлюдаў, — аб тым, каб ніхто не ведаў, што я прымаю ўдзел у гэтай справе.

— Ну, гэта само сабой зразумела. Значыцца…

— Я сёння быў прысяжным, і мы асудзілі жанчыну на катаржныя работы — невінаватую. Мяне гэта мучыць.

Нехлюдаў нечакана для сябе пачырванеў і замяшаўся.

Фанарын бліснуў на яго вачыма і зноў апусціў іх, слухаючы.

— Ну-с, — толькі вымавіў ён.

— Асудзілі невінаватую, і я хацеў-бы касіраваць справу і перадаць яе ў вышэйшую інстанцыю.

— У Сенат, — паправіў Фанарын.

— І вось я прашу вас узяцца за гэта.

Нехлюдаў хацеў скончыць хутчэй самае цяжкое і таму тут-жа сказаў:

— Узнагарода, выдаткі па гэтай справе я бяру на сябе, якія-б яны ні былі, — сказаў ён, чырванеючы.

— Ну, гэта мы ўмовімся, — ласкава ўсміхаючыся яго нявопытнасці, сказаў адвакат.

— У чым-жа справа?

Нехлюдаў расказаў.

— Добра, заўтра я вазьму справу і прагледжу яе. А паслязаўтра, не — у чацвер, прыязджайце да мяне а шостай гадзіне ўвечары і я дам вам адказ. Дык так? Ну і хадземце, мне яшчэ тут патрэбны даведкі.

Нехлюдаў развітаўся з ім і вышаў.

Гутарка з адвакатам і тое, што ён прыняў ужо захады для абароны Маславай, яшчэ больш заспакоілі яго. Ён вышаў на двор: надвор‘е было надзвычайнае, ён радасна ўдыхнуў вясновае паветра. Рамізнікі прапаноўвалі свае паслугі, але ён пайшоў пехатою, і адразу-ж цэлы рой думак і ўспамінаў аб Кацюшы і аб яго ўчынку з ёй закружыліся