Закрыю голаў белымі рукамі,
Глядзець ня буду ў бэзавы прасьцяг.
Узьвеюцца, разыйдуцца туманы,
І веі з поўначы ізноў зашалясьцяць.
Няхай маўчаць палі пад белымі сьнягамі
І месяц сонную трывожыць глуш.
Да любай мне сягоньнячы ня йсьці на ганак
І кос шаўковістых не расплятаць імглу.
Другою ласкаю шасьцяць палёў тканіны
І песьняй іншаю таму душа зьвініць,
І толькі мкнуцца шэрыя у галаве ўспаміны,
Ня ведаю куды ў вячорнай цішыні.
Навошта-ж я тады журыў па ёй нязнана?
Навошта сумаваў па занізі рабін?
Пасеялася песьня й зьнікла з туманамі,
Разьвеялася ветрам на сьнягі далін.
...............
Але міналі дні, міналася — іх многа,
Стаялі вербы ў сьнезе белай чарадой.
Я вышаў з песьняю у дальнюю дарогу
Сьцяжынку сабе вытаптаць пад наскаю зарой.
І вось цяпер, калі ўсё тыя былі,
Ўсё тыя-ж зоры звоняць над акном,
Маю тугу разьвеяў полем быльнік,
І песьні з кветкамі зьвіліся у вянок.
|