Старонка:Васільковы россып (1929).pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

НОЧ

Ноч. Неба выткана з зорак.
Цішыня. Пад нагамі жарства.
Можа гэта каменьні гавораць,
Можа кветкі цалуе трава.

Не згадаць, і надумаць ня можна,
Што пасеяла ноч на зямлі.
І чаму так лілеі варожаць,
Смутак сеючы свой ля калін.

Ай ты, ноч! задуменныя хвоі
Над курганамі выслалі цень,
Каб ніколі над соннай травою
Туманы не маглі шалясьцець.

Каб заўсёды дзівіцца у марах
І стаяць ў неразгаданым сьне
Там, дзе музыкай дзіўнай абшары
Песьні новай складаюць вясьне.

Я стаю пры сасьне і дзіўлюся,
Як над долам цярусіцца ціш.
І здаецца, што ўсёй Беларусі
Хтось паходнямі сьвеціць з узвыш.

І ўначы, скрозь імглістасьць і зоры,
Скрозь вясёлую зыбкасьць ракіт
Адклікаюцца песьні з вазёраў,
Гадавалі што век трысьнікі.

І ці стомлены я, а ці змораны,
У цішыні дзе прыбіта жарства,
Камень з каменем, чую, гавораць
І як кветкі цалуе трава.