ЗІМА
Зіма цяпер і сьнегу па калені,
Ні сьцежак, ні дарог няма.
Цярусяцца і падаюць сьняжынкі памаленьку.
Зіма, зіма.
Ў палёх сьнягоў сярэбраная ціша
Асела белаю і звонкай сівізной.
Ізноўку думы галаву маю калышуць,
Ізноў, ізноў.
Ня сьпіцца мне, ня сьпіцца мне і часта.
Палае сьнег барвовістым агнём…
Ня ведаю чаго, на радасьць ці няшчасьце,
Зьлятаецца сюды з паўночы вараньнё.
На белы сьнег садзяцца і садзяцца,
Крыламі веючы над полем цемнату…
................
Гады, гады, міне ўжо скора дваццаць,
А дні сьняжынкамі лятуць, лятуць.
*
Ня помню я, даўно было ці не.
Такою-ж песьняю ці мо‘ зусім другою,
Я называў яе калісьці на вясьне —
Дзяўчынай любаю і дарагою.
Ня помніцца цяпер, даўно было ці не.
Тады над полем чырванелі далі
І вецер паінакшаму тады зусім зьвінеў,
Як быццам нехта на сярэбраных цымбалах
Пяяў няскончаныя песьні мне.
Тады над полем чырванелі далі.
|