Старонка:Васільковы россып (1929).pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

Сяджу і думаю адзін, як месяц.
Цяпер зіма і сьнегу па калені,
Ні сьцежак, ні дарог няма.
Цярусяцца і падаюць сьняжынкі памаленьку
І далі тонуць у сівы туман.
Цяпер зіма і сьнегу па калені.

Сяджу і думаю адзін, як месяц,
Нікога не пакрыўдзіўшы, далёкіх любых клічу…
Ласкава шастаюць завеі сьнежнай песьняй,
Ласкава шастаюць у лозах ніцых.
Сяджу і думаю адзін, як месяц.

А за вакном глыбокія сьнягі, сьнягі.
Хто сьцежку першую пратопча між дуброў,
Хто першы прыдзе радасны і дарагі
Над вёскаю разьвесіць струны правадоў?!
А за вакном глыбокія сьнягі, сьнягі.

|}