ЮНАЦКАЕ
Месяц сьцеле ў палёх цемнату,
Далавах рассыпаюцца цені.
Ой ці дым, ці туман на ваду
Пасьцілае кустоў шапаценьне.
І суздром назялёнены клён
Стан закінуў над возерам чыстым,
Каб у прыгаршчах зораў агонь
Расьцярусіць сваім лістам.
А пасьля цалаваць, цалаваць
Сінь вады, што разьлілася ў хвалях…
Ў рэчку ўпала лясоў галава,
А мая асмуглелаю стала.
Але ў полі вясна такая, —
Скрозь дыміцца чаромхавы пах.
Ах, юнацтва, цябе сустракаю
І цалую на гнуткіх руках.
Ўсю душу маю, мары і цені
Аддаю на вясельле вясьне,
Каб і мне сярод іншых хацелася
Ў серабрысты рассыпацца сьмех.
Каб і мне, вось такому караваму,
Сэрца можна было-б расчыніць,
Дзе юнацкіх пачуцьцяў аравы
Я ніколі ня мог супыніць.
Я ня мог іх тады заспакоіць,
Хіба-ж цуглі такія ёсьць?
Помню толькі туман над ракою,
Ды маю кароткую моладасьць.
|