Старонка:Васільковы россып (1929).pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

3

Я ня ведаў, чаму так пакорна
Можа гнуцца траве вербалоз,
І нягадана дзеўчыну ў чорным
Палюбіў за імглістасьць валос.

Палюбіў пад завеямі вішань,
Яе стан і вачэй чарэсьні,
Ах ня так… гэта ўсё было іншым,
Гэта ўсё было, як у песьні.

Мне здавалася, дзеўчыны гэткай
‘Шчэ дасюль і ня ведалі людзі.
Ў косы чорныя ўплецены кветкі
І паркаль шалясьцісты на грудзях.

Помню вуліцу, груша старая,
Ветлы ганак і ціхі двор,
Мы стаялі, прыхіліўшыся да брамы,
І няўмелы вялі разгавор.

Гаварылі аб зорах, сусьвеце,
Нават сьмешна часамі цяпер…
А сад расьцьвітаў белым цьветам,
Салаўіны расплёскваў напеў.

Было радасна, так было проста,
Што часамі здавалася сном…
А затым — пасьля доўгай ростані —
Тая-ж вуліца, ганак і дом.

Так-жа дні паплылі, як раней,
Я забыў і далёкіх, і блізкіх.
Толькі слухаў даўнейшы напеў,
Ды як сэрца пачуцьцямі пырскала.

І цяпер, калі гэты агонь
Ціха згас у завейнасьці дзён,
Я сьмяюся сам над сабой
І сваім даўнейшым пачуцьцём.

|}