Старонка:Васільковы россып (1929).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАЗВАНЕЦЕ ЛІСТАМІ, БЯРОЗЫ

Зазванеце лістамі, бярозы!
Гэты шум шалясьцістай вясны
Я сягоньня пачуў у дуброве,
У ласкавасьці песень пачуў.
Я ня знаў, ці то кволыя сны,
Ці то бомкае зор каляровасьць,
Толькі сьнілася: быццам к плячу
Ціха ніклі шасьцістыя крозы.

Быццам дзесьці за дальнім сялом
Залатыя жалейкі заплакалі,
І пад іхнія песьні з бяроз
Сьлёзы росныя долу зьляталі.
Зачарованы гэткімі казкамі,
Я глядзеў, як над рэчкаю скрозь
Туманы, быццам раць залатая,
З ціхім звонам скакалі з балот.

І забытыя даўнасьцю дзеі,
Як вянкі, усплылі прада мной…
Толькі дні ўсё… ніводнай надзеі…
Дык плывіце-ж, вяночкі, на дно.