Старонка:Васільковы россып (1929).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

КРАІНЕ

За маім вакном прыгнулася каліна,
І чаромха белая дыміцца за вакном.
І такая зноў вясёлая краіна
Мне прысьнілася у песьнях зноў.

Сад гарыць у бэзавых каралях,
Звоніць сад у сонечным агні…
Я сягоньнячы адзену белае убраньне
Сустракаць палёсткавыя дні.

Добры дзень, краіна дарагая,
Добры дзень, вазёры і лясы,
Вам сягоньнячы па ўсіх курганах
Распусьціла сонца валасы!

Вам сягоньнячы цьвіце зара
(І яна ніколі не пагасьне).
Дык ярчэй-жа, мой лазовы край,
Расьцьвітай з другімі адначасна.

Хай заўсёды на палёх тваіх
Каласы цяжэй схіляюцца да долу;
І каб заўжды гэтыя для тых
Ня былі чужымі аніколі.

Каб і Нёман сіні, Вісла і Нява
Разьліліся ў сінюю паводку,
Для аднэй комуны хваляваць
Даль бязьмежную у вонках.

Ад таго я ў радасным убраньні,
Аб усім забыўшыся, пяю
Пра вясну, краіну і змаганьне,
Пра жыцьцё і маладосьць сваю.