ІЗНОЎ Я ТУТ
Ізноў я тут, у шумным горадзе,
Ня ведаю чаму і як.
І галава мая ў асеньнім золаце,
І вусны расьцьвілі, бы мак.
Вось вее вецер холадам асеньнім,
Рабіны грэюцца ля нізкага вакна,
І, мне здаецца, нечыя бадзяжаць цені,
І лісьцем крыецца маўклівая багна.
Палі мае, бярозкі і таполі,
Чаму лісты ўсё падаюць ніжэй?!
Халодны вецер так і сьвішча ў полі,
І быццам сэрцу гэтак харашэй?!
Далёкае, вясёлае… я болей мо‘ ня ўбачу,
Сяло радзімае і любых шмат дзяўчат.
Па вуліцах шырокіх вецер так-жа плача,
Кашулю трэпле на маіх плячах.
І ці я горадам іду, ці полем —
Аднолькава сінее даль,
І толькі думаеш часьцей і болей,
І ўсё напорней у шляхох хада.
Я помню травень, і вятры на тракце —
Тады яшчэ мне збылася дзесятая вясна, —
Я ведаў толькі лес ды лапці
І лепшага ніяк ня мог спазнаць.
Была вясёласьць песьняю будзіць надраньне,
х З жалейкаю йдучы ў сасновы сад.
Паіншаму тады я марыў аб сялянах,
Паіншаму зусім быў з іхніх песень рад.
|