І ў расчыненую хату
Я іду, як новы госьць.
Як зьмянілася тут багата,
А ў старых звычайна пост.
— Ну расказвай-жа, матуля,
Ці здаровы сёстры, брат, —
Ува мне ‘шчэ не заснула,
Юных год мая пара.
Я ‘шчэ помню, добра помню
Тую ростань і той дзень,
Асыпала сонца промні
На зямлю і на людзей.
Я ішоў наўгад сьцягою,
Пад абозны скрып калёс…
Маці, маці… што з табою,
Не шкадуй, я перанёс…
Не шкадуй, такіх багата,
Хай ляціць, няхай яно…
На страсе і каля хаты,
Вераб‘і ўзьнялі садом.
І звычайная бяседа
Палілася за сталом:
— Заўтра трэба йсьці на сена,
А сягоньня жыта жном.
Ураджай хоць невялікі,
Але ўсё-ж, ты знаеш сам,
І ад ветру ў садзе ліпы
Галаву схілілі нам.
Маці змоўкла, пахмурнела,
Я панік ад звыклых дум,
Толькі слухаў, як зьвінелі
Песьні жніўныя сялу.