КОНЬНІК
Каля тыну б‘е капытам конь,
Залатое грывы зблытаны агонь
Плешча бег нязьмераных вякоў.
Каля тыну б‘е капытам конь.
Коньнік змораны прысеў на тын,
Ён адстаў ад гэтых і ад тых,
Ён ня змог угнацца бяз пуцін.
Коньнік змораны прысеў на тын.
Ай ды шырака раскінуўся зялёны вяз,
Выслаў коньніка ў дарогу князь,
Выслаў з войскам подаці зьбіраць.
Ай ды шырака раскінуўся зялёны вяз.
Так яшчэ у князя ня было ніколі.
Непакорнасьць лютасьцю ачарніла поле.
Цяжка стала коньніку у такой няволі…
Так яшчэ у князя ня было ніколі.
Ўзбунтавала ў коньніка гарача кроў, —
На каго ён едзе абіраць сыноў.
Лепей дзе загінуць ці — да казакоў.
Ўзбунтавала ў коньніка гарача кроў.
За зялёным ярам, за гарой-гарой
Чуе коньнік тупат ды ня свой,
Чуе пір казацкі каля хвой,
За зялёным ярам, за гарой-гарой.
За ракою пыжыцца туманаў бель,
І падумаў коньнік сам сабе:
Досыць княжыцкай служыць гульбе.
За ракою пыжыцца туманаў бель.
|