Старонка:Вершы (Падабед, 1926).pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

ПЕРАД РАНІЦАЙ

Мужык заснуў і сьпіць рабочы:
Варстат за дзень яго нагоскаў.
У смольны вір вясковай ночы
Ўтанулі горад наш і вёска.

Калёсы ў полі ня рыпочуць.
І даль ня раняць адгалоскам.
Адна рака маўчаць ня хоча:
Крынічыць музыкай усплёскаў.

Нашэпты цішы яна гоніць,
Як срэбра льлецца, звонка звоніць
У раскудзеленым тумане.

Яна складае горда гімны,
Залітай сокамі маліны —
Чырвонай, пышнай, яркай рані!..