Старонка:Вершы (Падабед, 1926).pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

Гадавала старэнькай бабулькай нас гора.
І абоім сьпяваў песьні вецер…
А сягоньня — я еду у горад,
Ёй — паклон адбівае аўсянае вецьце…

Шэрай кошкаю вёска ў даліну нырнула.
Даль блакітныя пасмы сацерла.
З лёгкай радасьцю ў трэпетным гуле
Горда рукі вакзальная плошча прасьцерла.

Прывітаньне гульліва казала,
Як і ўсіх, прытуліла папросту.
І вось тут, на пляцоўцы вакзала,
Панавісла сасновымі лапкамі ростань…

Так — забыцца мне цяжка пра кудзеркі вішань
І хатульку са шчытам двурогім.
А йшчэ болей пра тую, што вышла,
Каб правесьці мяне на растаньні ў дарогу!..