Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

III

Ой, ня плакалі ў полі бярозы,
Ня цьвіла над ракою каліна, —
То раняла гарачыя сьлёзы
Маладая ўдава Кацярына.

Яна поглядам мерала поле,
Дзе віхура бур‘ян уздымала,
І бялявай рукою паволі
Брыльлянцістыя каплі ўцірала,

А ў грудзёх акіянскім прыбоем
Напявала душа вызваленьне.
Яны там, —
арляняты абое,
Ставяць сьвет пажылы на калені.

І зязюля-ўдава Кацярына
Углядалася ў тую дарогу,
Куды сёньня малодшага сына
Выпраўляла сьпяваць перамогу.

Перамогу над панскім прыгонам,
Над разлогам палёў паднявольных.
Ой, акропяцца кроўю загоны! —
Каб расьлі і цьвілі краскі волі.