Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

IV

Белы месяц расхлістаны, п‘яны
Плыў,
каціўся над лесам панурым,
Як ішоў ў партызаншчыну Янка —
Шчуплаліцы юнак белакуры.

Яго сэрца палала пажарам,
Маладое, ня ведала страху.
Толькі мералі вочы абшары,
Каласіла адвагай душа.

Ён мінаў быльняговыя межы,
Пераходзіў змаганьня граніцы.
Грудзі прагнулі ў шыры,
бязьмежжа:
На спатканьне жыцьцю-зараніцы.

Вось і лес.
Старажытнія дрэвы
Гаманілі ціхутка ў прасторы.
Яго клікалі волі напевы,
На твары маладчавіў задор.

А за гаем нямелі гарматы,
Засыналі, ды шэрыя вёскі;
Толькі бор гаманіў, як закляты,
Завірухі глытаў адгалоскі.