Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

У КУПАЛЬСКУЮ НОЧ…

У купальскую ноч,
Над прасторамі вод
Цалаваліся явар з калінаю.
Як драмалі палі,
Засынаў небазвод, —
Я спаткаўся з чароўнай дзяўчынаю.

Як драмалі палі,
А ў палёх ды туман,
Ой, туман-малачай серабрысты,
Жыта-рунь паліваў
І кудзеліў твой стан, —
Мы ступалі далінай імглістаю.

А ў даліне, ў цішы
Зельле-кветкі цьвілі —
Ты вяночкі віла прамяністыя,
Залаціўся агнём
Золак раньні ў далі —
Як мінулі даліну імглістую.

І пашлі,
і пашлі
Мы на вольны прасьцяг —
У прасторы палёў сінявокія.
Толькі сьпевы жніва,
Перазвоны жыцьця
Усплывалі
далёка,
далёка.