Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/35

Гэта старонка была вычытаная

І зацьвітуць у полі сьцежкі,
Заўюцца кветкамі вяскы.
Я выйду ў поле на паўмежак,
Каб разгадаць палі ды сны.

А ў тых палёх шаўкова-сініх
Калосьсяў жменю падыму,
Спаткаю смуглую дзяўчыну
Спаткаю,
шчыра абніму!

Замест батыставых карунак,
Ў расе скупаю каласы.
Табе вянок у падарунак
Саўю на кужаль-валасы.

Пад ветра ціхія павевы,
Пад сон разьвесістага бору,
Ой, буду слухаць твае сьпевы
І сэрца звонкага акорды.

Бо ў песьні так часьцей бывае,
І сьлёзы коцяцца — брусьніцы,
І цісьне жаль…
Яна сьпявае…
Суніме песьня сьлёз крыніцу!