Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

У ЖНІВО

Ой, ды шоўкавым батыстам поле
Разгарнулася ў шыр акіяну.
Сёньня ветры ў гаі не сваволяць, —
Не галосяць ў бары спазараньня.

Падымаюцца поўныя жмені,
Над прасторамі сьпелага жыта.
Гасьне ночы-глушы задуменьне —
Новы дзень залунаў на мяжы там.

Зазьвінелі крывыя сярпочкі,
Бачу —
радасьць у жней у вачох.
Борзда сьцелюцца ў мітусь снапочкі.
Праца спорыцца,
гнецца плячо.

Расступіліся хмурныя цені,
Дзе кіпіць маладое жніво.
Я к прастору прылёг на калені, —
Упаіцца яго хараством.

Эх,
бязьмежнае волі раздольле!
Так і шырыцца з песьняю шаг.
Не аслабяцца рукі на полі,
Калі поўна надзеі душа!..