Старонка:Вершы (Трус, 1925).pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

То ня гул завірухі мяцежнай
І ня рокаты ўпартага мора, —
Гэта Нёман разьліўся бязьмежна
На грудзёх Беларусі прасторнай:

Чую песьні стыхіі-разводзьдзя,
Ня стрымаць твае вольнае плыні!
Упусьціла старое паводзьдзе, —
Калі вір маладога нахлынуў.

І шумяць аграмадзіны-крыгі,
Разганяюцца ў даль бязупынна!..
Анямелі мінулага ўзрыгі
Ў хвалях жыцьця магутна-няспынных.

О, бурліва-кіпучыя хвалі!..
Вам ня страшны пажар навальніцы;
У прыгожа люстраныя далі
Разам з вамі і мне ня спыніцца.

Адпіхнуўшы ад берагу човен
І махаючы прысам кляновым,
Я плыву — і надзеяю повен,
Што спаткаю сусьвет вольна-новы!