Старонка:Веснапесьні (1929).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

ТОЛЬКІ ВЕР

Толькі вер — і жыцьцё пераможаш,
Толькі вер — і загіне зіма,
І над краем свабодна, прыгожа
Узыйдзе, закрасуе вясна…
Хай павіснуць панурыя хмары,
Хай зямельку спаўюць пяруны,
Толькі вер — й загарацца пажары,
Толькі вер — і народзяцца дні…
Хай груган над магілай гуляе,
Хай твой вораг спраўляе гульню,
Толькі вер — і ён сам ўжо зьнікае…
Толькі вер — і ня ўбачыш бяду.
Хай застогнуць, засьвішчуць жаданьні,
Хай укінуць у гразь ідэал,
Толькі вер — і ўспыхне сьвітаньне,
Толькі вер — і ня будзе навал.
Толькі вер — і жыцьцё пераможаш,
Толькі вер — і загіне зіма,
І над краем свабодна, прыгожа
Узыйдзе, закрасуе вясна.

1925 г.