Старонка:Веснапесьні (1929).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

ДУМКІ.

Сьветлая, месячная ноч… Дзесь з-за чорных, няпрыветных комінаў і контураў гігантычных дамоў усплыў месяц. Яго млявае сьвятло, як палітурай, абліло лісьцё галін, зьвіснуўшых над маім вакном… З неба зірнулі вечна-халодныя зоры.

Ня сьпіцца такою ночкаю ў моладасьці. Думкі, лятуценьні, надзеі й трывогі напаўняюць маладую душу… Марыцца… Думаецца…

Я адчыніў вакно й залюбаваўся…

Зьнекуль данасілася йскрыпка, а над галавой, на другім паверсе хтось пяяў. Відаць, работнік, бо мэлёдыя — поўная нейкага жалю, смутку над разьбітым жыцьцём, поўная тугі й крыўды:

Усё сваё жыцьцё ад малых гадоў ён рабіў у гэных гігантычных дамох з комінамі… Усе свае маладыя дні ён правёў у душным заводзе між дыму і смуроду… Яму казалі, што на тым сьвеце ён знойдзе сваё шчасьце… А самы… Льлюцца чароўныя гукі йскрыпкі… Даносіцца вальс…

Не! Не! ён ня верыць у другое жыцьцё! Ен толькі з смуткам успамінае сваю моладасьць, свае разьбітыя дні…