Старонка:Веснапесьні (1929).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

∗               ∗

Учора сонца лашчылась,
Гарэў, пылаў блакіт;
К ваконцу цэлі цёмнае
Я з жарам нейкім ліп…
Пяяла сэрца радасна:
Вясны ўжо рэе мах —
І песенна маліўся я
Зьлятаўшым кроплям з блях…
Адлега думкі ўзрушыла,
Як-бы зімовы лёд…
Здаецца, птушкай рушыў-бы
Ў вясьняны пералёт…
Сягоньня зноў панура так
Кружыць варонаў раць
І крыкі іх хаўтурнасьцю
Ў душы маёй зьвіняць…
Сяджу ўвесь дзень у камэры,
Як птушка бяз крыльля,
І неяк мне ня верыцца,
Што ўсё яшчэ зіма!..

1929 г.