Гэта старонка не была вычытаная
Толькі струны восенскай роялі
Запытаюць ціха туманы:
— Ці ня вы прысягу падпісалі?!.
Дык пабудзьце-ж сьведкамі маны…
Ім адкажуць пройдзеныя мілі:
— Толькі трупы здольны не маніць,
Дзе сямейны прымус запалілі,
Там патухлі дальнія агні.
Там замест бяскрайніх парываньняў
Халадок прыцішанай ракі,
Там прысягу вечнага каханьня
Разьмяняў агонь на вугалькі.
Мы з другой пад звоны-перазвоны
З рысакамі зьнікнем у туман,
Дзе тугой расьпісываюць клёны
Надвячорны восенскі экран.
Я скажу:
— Так даганяюць шчасьце,
Так губляюць ўсё на рубяжы…
Цябе прымус дзесьці зачакаўся,
І абоіх дальнія крыжы.
Дык запішам гэтыя хвіліны,
Панясем іх ў прозу і ў труну,
І ніколі, любая дзяўчына,
Ня журы сямейную ману.