Гэта старонка не была вычытаная
У кожным русе гаманіў
Грамадзкай думкі горды выраз:
— Няма на сьвеце лепшых дзіў,
Як наша творчая імклівасьць.
Па рэйках стомлены імпэт
Пераганяў уласны стукат…
І толькі нейкае купэ
Хавала нейчы чорны смутак.
Забыўшы нават слодыч сна
Там нехта хмуры, як магіла,
Стаяў ля чорнага акна
З тугой і дзікаю агідай.
Пад мерны лязгат,
Мерны стук,
Пад перазвоны рэек звонкіх
Яму здалося:
Пара рук
Да шыбы шкла прыстыла звонку.
Ён адхіснуўся ад акна,
А потым доўга хмурыў бровы,
Што ўласных пальцаў не пазнаў
На шкле таемны адлюстровак…
Хоць ноч халодная маўчыць,
А ўсё-ж дрыжаць яго калені…
— Няўжо няможна уцячы
Ад чорных думак і сумленьня?!.