Гэта старонка не была вычытаная
Там толькі холад, толькі дым,
Ды попел скрышаных скрыжаляй…
Зачым кранаць магільны грым
У тым архіве пахавальным?!
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш фарбы веку, —
Азёрны шум, жыцьцёвы шум,
Любоў і праўду чалавека.
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
Заўсёды мусіць быць у нас
Запал пагоджаны з развагай…
Людзкая рэўнасьць — ёсьць паказ
Бясьсільля, нізкасьці, зьнявагі.
Рэўнуюць там, дзе любяць „я“,
І там, дзе людзкасьці бракуе…
Да здані, прозьвішча, імя
Я не рэўную, не рэўную…
А вось да холаду крыжоў,
Да пустаты глыбінь надхмарных
Я рэўнаваць цябе гатоў,
Як Дэман колісьці Тамару…