Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/100

Гэта старонка не была вычытаная

СОНЭТ

Над кубкам возера глыбокім і шкляным,
У тонкай просіні між кросен багавіньня,
Лілеі плакалі ў хвалях сініх, —
Ў прадоньне цёмнае ўглядаліся яны.

І плыньню кволаю навеяныя сны,
Як вобразы далёкіх успамінаў,
Узорам слаліся над сплеценаю цінай,
Дзе усплывалі водгукі вясны.

Так кветкі гінулі пад ветрамі у полі…
Ў праменьнях сонца, ў квецені раздольля
Прыгожа-стройныя на волі расьцьвілі.

І воды чыстыя жыцьцёвых пераліваў
Змываюць цьмянае з грудзей зямлі,
Губляюць сьцень на дне вякоў бурлівых.

1925 г.