Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

ВЯЧЭРНІ СОНЭТ

Хвалюе ціха возера вятрынь.
Пераліваюцца у хвалях берагі…
І ня шумяць так буйна сітнягі —
Не раскалыша песьня далячынь.

Вярба зялёная схілілася на плынь.
А сьцені ў цемені кудзеляцца на дне,
Як месяц кволы ў хмарах патане
І зацьвіце ў зарніцах неба-сінь.

Гаі над возерам купаюць чары-сны,
У зацішку журацца рыбацкія чаўны,
Кляновы вёслы дрэмлюць на вадзе,

Маўчыць сяло… А ў сэрцы звон… акорды…
Мажорны тон зрываецца з грудзей
І цень вякоў калыша буйна-горда.

1925 г.