Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

II

Трымціць і сьцелецца над гаем пазалота,
На хмарах просінь сочыцца ў далі.
І ў соннай высі кружаць над балотам,
У шумавіньні тонуць жураўлі.

На хмарах просінь сочыцца ў далі,
На дне душы зьвіваецца у радасьць.
І ў шумавіньні тонуць жураўлі,
Дзе зажурыліся пад шэраньню прысады.

На дне душы зьвіваецца ў радасьць
Журба пунсовая асеньніх журавін…
Дзе зажурыліся пад шэраньню прысады,
Там чары восені я ў радасьці спавіў.