Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

III

Пад месяц журацца асмуглыя рабіны,
Завялі й плачуць астры пад акном.
І патанулі песьні ў шумавіньні,
Дзе пасьцілаецца лістота дываном.

Завялі й плачуць астры пад акном,
І долу сыплюцца пунсовыя пялёсткі,
Дзе пасьцілаецца лістота дываном.
На дне душы красуе буйны росквіт.

І долу сыплюцца пунсовыя пялёсткі,
Узоры ткуць пад гаем на траве…
А ў сэрцы зорамі цьвіце, красуе-росквіт
І завіваецца ў каралі сонцавей.

1925 г.

|}