Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

НАД ВОЗЕРАМ

Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сонную гладзь,
ў постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасьці сьняць.

Ўдовы-бярозы
сваімі каралямі
горда глядзяцца
ў люстэрка вады,
зьяюць крыштальнымі,
дзіўнымі хвалямі;
сьцелюць на воду
адбіткі-сьляды.